ГЛАСАРЫЙ
1. Агульныя пытанні методыкі выкладання беларускай мовы
Адукацыйны стандарт – тэхнiчны i нарматыўны прававы акт, якiвызначае змест адукацыйнай праграмы шляхам устанаўлення патрабаванняў да адукацыйнага працэсу i вынiкаў асваення зместу. Адукацыйным стандартам вызначаецца мэта, структура i аб’ём зместу вучэбнага прадмета «Беларуская мова» на I ступенi агульнай сярэдняй адукацыi ў агульнаадукацыйных установах (класах) з беларускай i рускай мовамi навучання, устанаўлiваюцца патрабаваннi да аб’ёму вучэбнай нагрузкi, узроўню падрыхтоўкi вучняў па беларускай мове.
Актыўныя метады навучання – гэта спосабы ўзаемазвязанай i ўзаемаабумоўленай дзейнасцi педагога i навучэнцаў, якiя стымулююць пазнавальную дзейнасць вучняў. Актыўныя метады навучання не дазваляюць настаўнiку даваць веды ў гатовым выглядзе, ствараюць умовы для таго, каб вучнi спасцiгалi iх самастойнай актыўнай працай думкi.
Асобасна-арыентаванае навучанне – спосаб арганiзацыi навучання, у працэсе якога забяспечваецца ўлiк магчымасцяў i здольнасцяў вучняў i ствараюцца ўмовы для развiцця iх iндывiдуальных асаблiвасцяў.
Веды – гэта сістэматызаваная інфармацыя, факты, паняцці, прынцыпы і тэорыі, якія вучнi засвойваюць у працэсе навучання. Веды з’яўляюцца базавым кампанентам адукацыі, які фарміруе разуменне навакольнага свету і служыць фундаментам для развіцця практычных уменняў і навыкаў.
Вучэбна-метадычныя комплексы ўключаюць у сябе падручнiкi, рабочыя сшыткi на друкаванай аснове, вучэбна-метадычныя дапаможнiкi як абавязковыя для выкарыстання на занятках, а таксама зборнiкi пераказаў i дыктантаў, вучэбныя таблiцы, дыдактычныя матэрыялы, электронныя сродкi навучання, праграмы i вучэбна-метадычныя дапаможнiкi для факультатыўных заняткаў.
Вучэбнымi праграмамi па беларускай мове для II–IV класаў вызначаецца аб’ём вучэбных гадзiн у кожным класе, змест i структура вучэбнага матэрыялу, патрабаваннi да ведаў, уменняў i навыкаў вучняў.
Гутарка – метад навучання, пры якiм вучань адказвае на сiстэму пытанняў. Мэта гутаркi: набыццё новых ведаў цi паўтарэнне i замацаванне вучэбнага матэрыялу.
Даследчы метад выкладання вучэбнага матэрыялу – гэта спосаб узаемазвязанай i ўзаемаабумоўленай дзейнасцi педагога i вучняў, якi выкарыстоўваецца для стымулявання творчай дзейнасцi вучняў i прадугледжвае, што вучнi самастойна даследуюць моўны матэрыял i робяць вывады, а назапашаныя веды выкарыстоўваюць у практычнай дзейнасцi.
Даступнасць навучання – дыдактычны прынцып, якi прадугледжвае вывучэнне ўзроставых магчымасцяў вучняў i строгую дазiроўку матэрыялу як па гадах навучання, так i на кожны ўрок.
Дэдукцыя – спосаб разважання ад агульных палажэнняў да прыватных, лагiчны вывад прыватных палажэнняў з агульнай думкi.
Дыферэнцыяльна-сiстэматычны прынцып засваення беларускай мовы як другой у школах з рускай мовай навучання прадугледжвае яе сiстэмнае вывучэнне з апорай на родную мову, на тыя факты, якiя супадаюць або не супадаюць у рускай i беларускай мовах.
Задачы фармулююцца ў форме чатырох пытанняў, на якiя павiнна адказаць методыка:
1. Навошта вучыць? (Вызначэнне мэт i задач навучання).
2. Чаму вучыць? (Вызначэнне зместу навучання).
3. Як вучыць? (Вызначэнне метадаў, прыёмаў, форм i сродкаў выкладання i навучання).
4. Чаму так, а не iнакш? (Асэнсаванне i выбар найбольш эфектыўных сродкаў, формаў, метадаў i прыёмаў навучання).
Задачы методыкi навучання беларускай мове:
1) вызначэнне мэт i задач навучання беларускай мове малодшых школьнiкаў;
2) вызначэнне прынцыпаў адбору вучэбнага матэрыялу, адпрацоўка зместу навучання (вучэбных планаў, праграм, падручнiкаў i г.д.);
3) стварэнне педагагiчных тэхналогiй;
4) распрацоўка сiстэмы рознаўзроўневых самастойных прац па беларускай мове;
5) распрацоўка сiсэмы кантролю ходу i вынiкаў навучання;
6) распрацоўка i рэалiзацыя ўмоў iнтэлектуальнага i эмацыянальнага развiцця i выхавання малодшых школьнiкаў.
Заканамернасцi навучання беларускай мове выражаюць iстотныя сувязi i адносiны памiж зместам, умовамi навучання i iх вынiкамi.
Iндукцыя – метад даследавання, навучання, звязаны з рухам думкi ад адзiнкавага да агульнага; спосаб разважанняў ад асобных прыватных фактараў i палажэнняў да агульных вывадаў.
Кампетэнтнасць – валоданне чалавекам адпаведнай кампетэнцыяй, якая ўключае яго асобасныя адносiны да яе i прадмета дзейнасцi.
Кампетэнцыя – сукупнасць узаемазвязаных якасцяў асобы (ведаў, уменняў, спосабаў дзейнасцi), якiя задаюцца ў адносiнах да пэўнага кола прадметаў i працэсаў, неабходных для якаснай, прадуктыўнай дзейнасцi ў адносiнах да iх.
Камунiкатыўная кампетэнцыя – здольнасць выкарыстоўваць моўныя сродкi для рашэння пэўных камунiкатыўных задач; уключае ў сябе веданне законаў i правiл зносiн, уменне вызначаць мэты зносiн, разумець субяседнiка.
Камунiкатыўны прынцып забяспечвае фармiраванне ў малодшых школьнiкаў уменняў ажыццяўляць моўныя дзеяннi ў рэальных абставiнах моўных зносiн.
Маўленчая кампетэнцыя – здольнасць выкарыстоўваць сродкi, лексiчны склад i граматычны лад мовы, законы iх функцыянавання для разумення чужых i пабудовы ўласных выказванняў; уключае ў сябе веды аб маўленнi i маўленчыя ўменнi (прадуктыўныя i рэцэптыўная).
Метад праблемнага выкладу вучэбнага матэрыялу – гэта такi спосаб узаемазвязанай i ўзаемаабумоўленай дзейнасцi педагога i вучняў, якi характарызуецца тым, што настаўнiк ставiць перад вучнямi праблему i сам паказвае складаны, але даступны шлях яе вырашэння: вучань не толькi ўспрымае, засвойвае i запамiнае гатовыя навуковыя вывады, але i сочыць за логiкай доказу, за развiццём думкi настаўнiка.
Метадычная сiстэма – гэта аб’яднанне ўзаемазвязаных i ўзаемаабумоўленых кампанентаў: мэта i задачы ўрока, змест навучання, метады i прыёмы навучання, сродкi навучання, арганiзацыйныя формы навучання.
Метадычны дапаможнiк – гэта выданне, прызначанае ў дапамогу настаўнiку для практычнага выкарыстання на практыцы, у якiм асноўны ўхiл робiцца на методыку выкладання.
Методыка выкладання беларускай мовы – гэта мiжгалiновая дысцыплiна, якая знаходзiцца на стыку педагогiкi, псiхалогii, логiкi, фiласофii, лiгвiстыкi, прадметам якой з’яўляецца працэс навучання.
Моўнадыдактычны прынцып рэалiзуе функцыянальна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове, якi прадугледжвае авалоданне агульнавучэбнымi ўменнямi: аналiзаваць прачытанае, засвойваць новыя звесткi, абагульняць, вызначаць сувязi, падбiраць патрэбны матэрыял, ствараць тэксты, разважаць, даваць ацэнку, выкарыстоўваць веды i ўменнi на практыцы.
Моўнацэнтрычны прынцып ляжыць у аснове адбору зместу навучання беларускай мове ў II–IV класах i дазваляе арганiзаваць працу вучняў на канкрэтным моўным матэрыяле для фармiравання ведаў пра моўныя адзiнкi i iх функцыянальныя асаблiвасцi, уменняў, якiя неабходныя для актыўных моўных дзеянняў i развiцця культуры моўных зносiн.
Моўная кампетэнцыя – здольнасць апазнаваць моўныя адзiнкi, вызначаць iх функцыi i выкарыстоўваць у маўленнi; уключае ў сябе веды аб мове як знакавай сiстэме, моўных адзiнках, нормах iх выкарыстання, а таксама вучэбна-моўныя i нарматыўныя ўменнi.
Мэта – гэта чакаемы вынiк, тое, чаго хочацца дасягнуць.
Падручнiкi – вучэбнае выданне, якое змяшчае сiстэматычны выклад вучэбнага прадмета (яго раздзела, часткi), што адпавядае вучэбнай праграме, i афiцыйна зацверджанае ў якасцi данага вiду выдання.
Найважнейшыяя характарыстыкi падручнiка: 1) падручнiк – мадэль педагагiчнага працэсу (В. П. Бяспалька); 2) падручнiк аб’ядноўвае ў сабе прадметны змест i вiды пазнавальнай дзейнасцi (Д. Д. Зуеў); 3) заклiканы служыць арганiзацыi ўсяго працэсу навучання (I. Я. Лернер); 4) у аснове яго пабудовы павiнна ляжаць пэўная метадычная сiстэма (Л. В. Занкоў); 5) у падручнiку ў пэўнай меры запраграмавана методыка навучанння, так як ён уяўляе сабой своеасаблiвы сцэнарый наступнай дзейнасцi навучання (М. Н. Скаткiн); 6) тэорыя падручнiка – у той жа час пэўная тэорыя навучання (В. В. Краеўскi).
Пасiўныя метады навучання – гэта спосабы ўзаемазвязанай i ўзаемаабумоўленай дзейнасцi педагога i вучняў, у якiх настаўнiк з’яўляецца асноўнай дзеючай асобай, якая кiруе ходам урока, а вучнi выступаюць у ролi пасiўных слухачоў. Сувязь настаўнiка з вучнямi ў пасiўных уроках ажыццяўляецца праз апытанне, самастойныя, кантрольныя працы, тэсты i г. д.
Педагагiчная тэхналогiя – такая пабудова дзейнасцi настаўнiка, у якой усе складнiкi дзеяння прадстаўлены ў пэўнай паслядоўнасцi i прадугледжваюць дасягненне неабходнага прагназуемага вынiку.
Пераемнасць у навучаннi беларускай мове – адзiн з дыдактычных прынцыпаў, якi заключаецца ў паслядоўнасцi, сiстэматычнасцi размяшчэння матэрыялу, у апоры на вывучанае i на дасягнуты вучнямi ўзровень моўнага развiцця, у перспектыўнасцi вывучэння матэрыялу, ва ўзгадненнi ступеняў i этапаў вучэбна-выхаваўчай працы (М.Р. Львоў).
Перспектыўнасць – адзiн з дыдактычнх прынцыпаў, якi заключаецца ў навучаннi школьнiкаў з улiкам перспектывы, рыхтуючы вучняў да ўспрымання больш складанага матэрыялу.
Праблемная сiтуацыя – гэта псiхалагiчны стан iнтэлектуальнай цяжкасцi, якi ўзнiкае ў вучня па той прычыне, што ён не можа рашыць праблему вядомымi спосабамi.
Праграма – гэта дакумент, якi вызначае змест i аб’ём ведаў, уменняў i навыкаў, што прызначаны для абавязковага засваення па тым цi iншым прадмеце, змест раздзелаў i тэм з размеркаваннем iх па гадах навучання.
Прадметам методыкi навучання беларускай мове з’яўляюцца сутнасць, заканамернасцi, тэндэнцыi i перспектывы навучання малодшых школьнiкаў беларускай мове.
Практычныя (эмпiрычныя) метады даследавання: 1) метады збору эмпiрычных дадзеных (назiранне, гутарка, анкетаванне, тэсцiраванне i г. д.); 2) метады кантролю i вымярэння (зрэзы, тэсты, шкалiраванне i г. д.); 3) метады апрацоўкi дадзеных (матэматычныя, статычныя, графiчныя, таблiчныя i г. д.); 4) метады ацэньвання (самаацэнка, экспертная ацэнка, рэйтынг i iнш.); 5) метады ўкаранення вынiкаў педагагiчнага даследавання (педагагiчны эксперымент, вопытнае навучанне i г. д.).
Прыметы методыкi навучання беларускай мове як самастойнай дысцыплiны: 1) уласныя прадмет даследавання i паняцiйны апарат; 2) уласцiвыя данаму прадмету заканамернасцi; 3) спецыфiчныя задачы даследавання; 4) уласныя метады даследавання.
Прынцып – гэта асноўныя зыходныя палажэннi якой-небудзь тэорыi цi навукi ў цэлым, гэта асноўныя патрабаваннi, якiя прад’яўляюцца да чаго-небудзь.
Прынцып пачуццёва-вобразнага ўспрымання моўнай рэчаiснасцi ўлiчвае галоўную заканамернасць засваення мовы – суадноснасць рэальнага гучання i значэння моўных адзiнак.
Прынцып развiцця адчування мовы абапiраецца на заканамернасць, якая вызначае «здольнасць запамiнаць традыцыю спалучэння моўных адзiнак», здольнасць унутрана засвойваць аналогii, заканамернасцi мовы i выкарыстоўваць iх у маўленнi.
Прынцып разумення моўных значэнняў вынiкае з заканамернасцi, якая вызначае адзiнства мовы i мыслення, з сiнхроннасцi развiцця лексiчных i граматычных навыкаў.
Прынцып сувязi тэорыi з практыкай прадугледжвае пастаянную маўленчую дзейнасць, вуснае выражэнне думак, пiсьмо, чытанне, а таксама пастаяннае выкарыстанне тэарэтычных ведаў у практыкаваннях, у рашэннi граматычных i арфаграфiчных задач.
Прынцып увагi да матэрыi мовы, да фiзiчнага развiцця органаў маўлення вынiкае з заканамернасцi: «Маўленне засвойваецца, калi набываецца здольнасць кiраваць мускуламi маўленчага апарату, каардынаваць маўленчарухальныя i слыхавыя адчуваннi».
Рэпрадуктыўны метад – метад, якi прадугледжвае арганiзацыю ўзнаўлення, рэпрадуцыравання спосабаў дзейнасцi, пра якiя настаўнiк паведамiў вучням загадзя i ўзор выканання якiх паказаў.
Сiнтэз – метад, якi прадугледжвае мыслiцельнае цi практычнае спалучэнне выдзеленых шляхам аналiзу элементаў цi ўласцiвасцяў прадмета, з’явы ў адно цэлае.
Сiтэмна-функцыянальны прынцып забяспечвае правiльнае ўжыванне вучнямi моўных адзiнак розных узроўняў з пункту погляду значэння, структурных асаблiвасцяў i функцыянальных уласцiвасцяў.
Сродак – прадмет, прыстасаванне, неабходнае для выкананння якой-небудзь дзейнасцi.
Уменнi – гэта здольнасць вучня выкарыстоўваць на практыцы тыя цi iншыя веды. Уменнi падзяляюцца на моўныя (уменне аперыраваць з моўнымi адзiнкамi – ад апазнання да поўнага разбору), маўленчыя (уменне будаваць звязнае маўленне) i арфаграфiчна-пунктуацыйныя.
Функцыi методыкi навучання беларускай мове як навукi: 1) тэарэтычная функцыя (даследчкi, абапiраючыся на атрыманы практычны вопыт, будуюць мадэлi навучання, якiя дазваляюць дакладна апiсаць тую цi iншую педагагiчную з’яву, растлумачыць яе сутнасць, пабудаваць прагноз на будучыню); 2) тэхналагiчная функцыя – распрацоўка вучэбных планаў, праграм, падручнiкаў, вучэбных дапаможнiкаў, метадычных рэкамендацый па прадмеце «Беларуская мова».
2. Беларуская мова як вучэбны прадмет у пачатковых класах
Аналiз урока – разбор i ацэнка вучэбных заняткаў у цэлым цi асобных iх бакоў. Пры аналiзе ўлiчваецца дзейнасць вучняў i настаўнiка. Адрознiваюць агульны (цэласны) аналiз урока, якi ахоплiвае ўсе бакi ўрока, i спецыяльны, накiраваны на асобную структурную частку ўрока. Аналiзуюцца мэта, задачы, змест, структура ўрока, метады навучання, стыль працы настаўнiка, характар дзейнасцi вучняў, вынiкi ўрока.
Апытванне – гэта: 1) найважнейшы вiд кантролю ведаў вучняў; 2) важны сродак замацавання i паглыблення ведаў; 3) сродак развiцця мыслення i маўлення; 4) форма атрымання зваротнай сувязi.
Ацэнка – азначэнне i выражэнне ва ўмоўных знаках – балах, а таксама ў ацэначных меркаваннях настаўнiка ступенi засваення вучнямi ведаў, уменняў, навыкаў, устаноўленых праграмай.
Балы ацэначныя (адзнакi) – умоўнае выражэнне ацэнкi ведаў, уменняў, навыкаў вучняў.
Вусны франтальны кантроль (апытванне) патрабуе серыi лагiчна звязаных памiж сабой пытанняў па невялiкiм па аб’ёме матэрыяле i выкарыстоўваецца звычайна з мэтай паўтарэння i замацавання вучэбнага матэрыялу, пройдзенага за кароткi прамежак часу. Перавагi франтальнага апытвання ў тым, што ён актывiзуе працу ўсяго класа, дазваляе апытаць многiх вучняў, эканомiць час. Недахопы: такое апытванне не правярае глыбiнi ведаў, магчымыя выпадковыя ўдалыя адказы вучняў.
Дыдактычны матэрыял – наглядны матэрыял, якi выкарыстоўваецца для самастойнай iндывiдуальнай працы вучняў цi дэманстрацыi настаўнiкам перад класам.
Дыягностыка – вызначэнне сутнасцi з’яў у сферы педагагiчнай дзейнасцi, працэсаў на аснове iх усебаковага вывучэння, нагляднае адлюстраванне комплекснага дзеяння педагагiчных фактараў.
11) фармiраванне ў вучняў пачуцця прыгажосцi, мiлагучнасцi, выразнасцi, эстэтычнай вартасцi беларускай мовы; 12) засваенне вучнямi правiлаў маўленчага этыкету; 13) развiццё творчых здольнасцяў вучняу пры стварэннi ўласных вусных i пiсьмовых выказванняў; 14) авалоданне калiграфiчнымi навыкамi.
Змест вучэбнага прадмета «Беларуская мова»:
– агульныя звесткi аб беларускай мове, формах яе iснавання i сферах ужывання;
– веды аб сiстэме моўных адзiнак i заканамернасцях iх функцыянавання;
– моўныя i агульнавучэбныя ўменнi i навыкi;
– камунiкатыўныя ўменнi i навыкi;
– уменнi i навыкi ў розных вiдах моўнай дзейнасцi;
– уменне выкарыстоўваць лексiчныя, граматычныя i выразныя сродкi беларускай мовы пры стварэннi ўласных выказванняў;
– веды аб моўнай этыцы;
– веды аб культурнай i эстэтычнай самакаштоўнасцi беларускай мовы.
Кантроль – гэта праверка вынiкаў навучання; праверка, ацэнка i ўлiк ведаў; выяўленне ўзроўню засваення вучэбнага матэрыялу; педагагiчная дыягностыка.
Мэта вуснага iндывiдуальнага кантролю – выяўленне настаўнiкам ведаў, уменняў i навыкаў асобных вучняў.
Мэта вучэбнага прадмета «Беларуская мова» ў II–IV класах – авалоданне вучнямi функцыянальнымi сродкамi мовы для эфектыўнага iх выкарыстання ў розных сiтуацыях моўных зносiн.
Апошнiм часам у кантэксце мэт i задач навучання выкарыстоўваецца таксама тэрмiн «вучэбная задача». Вучэбная задача – гэта мэта, якая ўдакладняецца ў канкрэтных умовах урока. Напрыклад, на канкрэтным уроку беларускай мовы можа быць пастаўлена адна мэта i мноства вучэбных задач, якiя суправаджаюць кожны этап урока, кожнае заданне цi вiд працы. Настаўнiку недастаткова сфармуляваць задачу – задача павiнна быць прынята вучнем, г. зн. стаць яго ўласнай задачай.
Пастаноўка вучэбнай задачы звязана з двума прынцыпова новымi адкрыццямi, якiя здзяйсняе вучань: 1) ён павiнен выявiць, што ён чагосьцi не ведае; 2) ён павiнен захацець рашыць гэтую задачу, iмкнуцца да яе рашэння.
Патрабаваннi да пастаноўкi мэт урока: 1) мэта павiнна быць вызначана канкрэтна (мэта навучання, як правiла, фармулюецца ў праграме); 2) мэта павiнна быць рэальная; 3) мэта павiнна быць сфармулявана ў пазiтыўным плане, у гэтым выпадку яе дасягненне забяспечваецца жыццёвай актыўнасцю; 4) мэта павiнна быць вызначана так, каб яе можна было дасягнуць самастойна; 5) мэта павiнна быць пастаўлена дыягнастычна, г. зн. так, каб яе дасягненне г. зн. так, каб яе дасягненне можна было праверыць; 6) патрэбна, прыкладваючы ўнутраныя намаганнi, атрымлiваць задавальненне ад дасягнення мэты.
Патрабаваннi да сучаснага ўрока беларускай мовы: 11) урок павiнен насiць цэласны характар, якi забяспечвае сувязь усiх яго кампанентаў на аснове падпарадкавання тэме i задачам урока; 2) абавязковае паведамленне тэмы, мэты i задач урока ў яго пачатку, для нацэльвання вучняў на засваенне ведаў; 3) вывучаемы на ўроку матэрыял павiнен абапiрацца на раней вывучаны, мець сувязь з iм; тлумачэнню новага павiнна папярэднiчаць паўтарэнне раней пройдзенага; 4) урок павiнен рашаць пытаннi фармiравання трывалых уменняў i навыкаў на аснове выкарыстання разнастайных вiдаў i формаў практыкаванняў; 5) формы i метады працы, якiя выкарыстоўваюцца настаўнiкам, павiнны актывiзаваць мыслiцельную дзейнасць вучняў, прабудзiць цiкавасць да ўрока i вывучэння мовы; 6) урок павiнен насiць выхаваўчы i развiццёвы характар; 7) на кожным уроку павiнна прысутнiчаць праца па развiццi маўлення малодшых школьнiкаў; 8) урок павiнен падпарадкоўвацца дыдактычным i метадычным прынцыпам навучання; 9) на ўроку неабходна выкарыстоўваць метады iндывiдуальнай працы, дыферэнцаванага навучання.
План-канспект урока – гэта дэталiзаваны план урока, неабходны для аператыўнага кiравання адукацыйным працэсам.
Структура курса беларускай мовы ў пачатковых класах – гэта канкрэтнае размеркаванне матэрыялу па класах.
Структура ўрока беларускай мовы – гэта ўзаемазвязанае i паслядоўнае размеркаванне ў часе ўсiх элементаў зместу ўрока.
Тыпы ўрокаў беларускай мовы ў залежнасцi ад дыдактычнай мэты: урок вывучэння новага матэрыялу, урок замацаванння ведаў i ўменняў, урок паўтарэння i абагульнення вывучанага, камбiнаваны ўрок, урок развiцця звязнага маўлення, урок кантролю i ацэнкi ведаў i ўменняў, урок аналiзу пiсьмовых прац.
Урок – гэта асноўная арганiзацыйная адзiнка адукацыйнага працэсу ў школе, прызначэнне якой заключаецца ў дасягненнi завершанай, але частковай мэты навучання. Урок праводзiцца з пастаянным складам вучняў, па раскладзе, з улiкам праграмы навучання.
Факультатыўныя заняткi па беларускай мове складаюцца з ўлiкам iндывiдуальных асаблiвасцяў i здольнасцяў вучняў, забеспячэння iх цiкавасцяў i патрэбнасцяў у актыўнай творчай моўнай дзейнасцi, якая звязана з самаўдасканаленнем моўнай культуры, моўных паводзiн, пашырэннем сферы выкарыстання беларускай мовы, авалоданнем яе багатымi выяўленчымi рэсурсамi, сродкамi выразнасцi. Факультатыўныя заняткi з’яўляюцца дадатковымi да зместу вучэбнага прадмета, але не дублiруюць яго.
Функцыi беларускай мовы ў II–IV класах як вучэбнага прадмета: адукацыйная, камунiкатыўная, развiццёвая i выхаваўчая.
Адукацыйная функцыя заключаецца ў забеспячэннi пазнавальных цiкавасцяў вучняў аб сiстэме мовы, моўных адзiнках i iх функцыянаваннi, аб сутнасцi мовы як з’явы рэчаiснасцi. Беларуская мова – прадмет вывучэння ў школе – становiцца для вучняў мовай беларускай i сусветнай культуры, мовай культурных людзей.
Камунiкатыўная функцыя звязана з выкарыстаннем вуснай i пiсьмовай мовы ў працэсе зносiн памiж людзьмi ў розных моўных сiтуацыях, з культурай моўных паводзiн, з навучаннем правiльнаму выкарыстанню моўных сродкаў з мэтай рэалiзацыi камунiкатыўных задач. Сучасная беларуская мова паспяхова выконвае сваё прызначэнне, яна з’яўляецца мовай пiсьмовай культуры, жывой мовай культурных людзей, сродкам паўсядзённых зносiн. На беларускай мове як роднай ствараюцца мастацкiя творы i навуковыя працы, гэта мова тэатра, школы, газет i часопiсаў, радыё i тэлебачання, гэта мова iнфармавання i ўстанаўлення кантактаў памiж людзьмi Такую ж ролю выконвае беларуская мова як другая ў школах з рускай мовай навучання. Акрамя таго, у працэсе ўзаемадзеяння дзвюх моў адбываецца ўзаемапранiкненне i ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур беларускага i рускага народаў. Беларуская мова як другая ў школах з рускай мовай навучання выкарыстоўваецца ў якасцi дынамiчнага сродку зносiн, здольнага перадаваць самыя глыбокiя думкi, шчырыя пачуццi, якiя ўзнiкаюць у рускамоўным асяроддзi.
Развiццёвая функцыя найперш характарызуецца актывiзацыяй моўных дзеянняў вучняў, на аснове якiх развiваецца моўнае чуццё, мыследзейнасныя працэсы, агульнавучэбныя ўменнi i навыкi, неабходныя для рэалiзацыi культурнага патэнцыялу асобы.
Выхаваўчая функцыя беларускай мовы абумоўлена яе культурнай самакаштоўнасцю як сродку стварэння i захавання культурнага вопыту беларускага народа, сродку далучэння да агульначалавечых i нацыянальных каштоўнасцяў, сродку фармiравання маральных якасцяў чалавека, якi валодае мовай i праз яе пазнае свет, узаемаадносiны памiж людзьмi.
3. Методыка вывучэння асобных тэм школьнага курса
беларускай мовы ў пачатковых класах
Алгарытм – дакладны набор iнструкцый, якiя апiсваюць парадак дзеянняў вучняў для дасягнення вынiку рашэння задачы.
Арфаграма – гэта лiтара, тая частка слова, у напiсаннi якой узнiкае небяспека памылкi, дзе магчымы варыянты ў выбары лiтар; правiльнае напiсанне, якое выбiраецца з некалькiх магчымых i заснавана на замацаваным у сiстэме арфаграфii правiле.
Арфаграфiчнае дзеянне – дзейнасць таго, хто пiша, i наўмысна звяртаецца да правiла пры асэнсаваннi наяўнасцi арфаграмы ў слове.
Арфаграфiчнае правiла – прадпiсанне, якое ўстанаўлiвае абавязковае для ўсiх напiсанне, а таксама вызначае спосаб праверкi; дакладная рэкамендацыя, якая рэгулюе перадачу вуснага маўлення ў пiсьмовай форме.
Тыпы арфаграфiчных правiл: 1) правiлы, у якiх правапiс арфаграм абапiраецца на прамое сцвярджэнне i не дапускаецца адхiленняў – дэрэктыўныя правiлы; 2) правiлы, у якiх правапiс арфаграм абапiраецца на сцвярджэннi, ускладненыя варыянтамi (калi . . . то); 3) правiлы, што абапiраюцца на сэнсавыя прыметы (правапiс вялiкай лiтары); 4) правiлы, што абапiраюцца только на слыхавыя прыметы; 5) правiлы, што абапiраюцца только на зрокава-рухальныя ўражаннi.
Прыёмы завучвання правiла: 1. Раскажы правiла па адным слове. 2. Гульня «Ваш пропуск, слова». 3. Гульня «Знайдзi ў правiле слова». 4. Гульня «Навучы правiлу папугая». 5. Гульня «Якое слова праглынуў дыктар?» 6. Расказванне правiла ў розных варыянтах i ролях. Раскажы так, як расказаў бы яго першакласнiку. Раскажы так, нiбы ты сам адкрыў гэта правiла. Перадай правiла па радыё як самую важную навiну. Раскажы правiла так, каб нiхто не падслухаў за дзвярыма. Уявi сiтуацыю, што паветраны шар падымае цябе ў неба; раскажы правiла тым, хто на зямлi (усе цiшэй i цiшэй).
Арфаграфiчнае чытанне – вiд чытання, якi прадугледжвае ўзнаўленне тэксту ў адпаведнасцi з тым, як ён запiсаны (чытай так, як напiсана).
Арфаграфiчная задача – гэта задача на выбар графiчнага знака з шэрагу магчымых (цi вызначэнне яго месца ў слове) на аснове выкарыстання правiла для перадачы адпаведных значэнняў.
Арфаграфічная пільнасць – гэта ўменне хутка выяўляць у тэксце, які прызначаны для запісу або ўжо напісаны, арфаграмы, а таксама вызначаць іх тыпы.
Арфаграфiчны разбор – вiд моўнага аналiзу, якi заключаецца ў знаходжаннi ў словах, сказах, тэкстах арфаграм, у iх тлумачэннi, ва ўказаннi спосабаў iх праверкi, у выкананнi арфаграфiчнага дзеяння.
Арфаграфiчныя нормы – устаноўленая сiстэм правiл, якiя забяспечваюць аднастайнасць вуснага маўлення ў пiсьмовай форме.
Асноўныя кампаненты працэсу працы над арфаграфiчным правiлам:
1. Раскрыццё сутнасцi правiла, г. зн. высвятленне, напiсаннем якой часткi слова, часцiны мовы цi граматычнай формы кiруе правiла; якiя прыметы выступаюць у якасцi iстотных. Праводзiцца на аснове назiрання над моўным матэрыялам.
2. Праца над фармулёўкай правiла, якая часцей за ўсё праводзiцца па падручнiку. Пры гэтым важна, каб вучнi ўсвядомiлi структуру правiла, таму ў працэсе работы над фармулёўкай настаўнiк задае пытаннi, якiя з’яўляюцца планам фармулёўкi правiла. Перанос правiла на новы моўны матэрыял ажыццяўляецца перш за ўсё шляхам падбору вучнямi сваiх прыкладаў на правiла.
3. Выкарыстанне правiла ў практыцы пiсьма, г. зн. выкананне практычных практыкаванняў. Пры гэтым неабходна вызначаць сувязi новага правiла з раней вядомым шляхам супастаўлення цi супрацьпастаўлення.
Выбарачны дыктант – вiд слыхавога цi зрокавага дыктанта, якi прадугледжвае запiс не ўсяго тэксту, а толькi тых слоў, словазлучэнняў, у якiх ёсць пэўная арфаграма або вывучаемая моўная з’ява.
Граматыка-арфаграфiчныя практыкаваннi – гэта практыкаваннi для рашэння арфаграфiчных задач на граматычнай аснове (розныя вiды спiсвання, тлумачальны i папераджальны дыктанты i г. д.).
Граматычны разбор – адзiн з вiдаў моўнага аналiзу, заключаецца ў вызначэннi граматычных прымет слоў, iх формаў, iх марфалагiчнага складу, у агульнай характарыстыцы аналiзуемага сказа, яго частак, членаў сказа.
Дыктант – вiд арфаграфiчна практыкавання, сутнасць якога для вучняў заключаецца ў запiсе ўспрымаемага на слых слова, сказа, тэксту; адно з найбольш часта выкарыстоўваемых граматыка-арфаграфiчных практыкаванняў аналiтыка-сiнтэтычнага характару, якое заключаецца ва ўзнаўленнi пачутага.
Каменцiраванае пiсьмо – вiд арфаграфiчнага практыкавання, у працэсе выканання якога вучань каменцiруе напiсанае. Каменцiруюць напiсанне адначасова за запiсам сказаў асобныя вучнi па прапанове настаўнiка, пры гэтым арфаграмы яны знаходзяць самастойна.
Канструктыўныя практыкаваннi – такiя практыкаваннi па беларускай мове, у якiх вучнi ўтвараюць зададзеныя формы слоў, канструююць, утвараюць новыя словы па зададзеных мадэлях, складаюць словазлучэннi, сказы, перабудоўваюць iх у адпаведнасцi з заданнем.
Кантрольны дыктант – гэта від пісьмовай працы з мэтай праверкі ўзроўню ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па арфаграфіі і пунктуацыі. Ён звычайна праводзіцца пасля вывучэння вялікіх раздзелаў, ключавых тэм або складаных для асваення арфаграфічных правілаў, а таксама ў канцы чвэрці, паўгоддзя або навучальнага года. Кантрольны дыктант можа быць бягучым (для праверкі ведаў па вывучаных тэмах) або выніковым (для ацэнкі засваення матэрыялу за працяглы перыяд).
Лексiка-фразеалагiчныя практыкаваннi садзейнiчаюць узбагачэнню слоўнiкавага запасу малодшых школьнiкаў, фармiруюць у iх уменне карыстацца лексiчнымi i фразеалагiчнымi ведамi.
Марфалагiчныя практыкаваннi замацоўваюць веды, атрыманыя вучнямi па марфалогii, i служаць асновай фармiравання арфаграфiчных уменняў i навыкаў.
Марфемныя практыкаваннi развiваюць у вучняў уменне вызначаць структуру слова.
Методыка правядзення кантрольнага дыктанта: 1) настаўнiк чытае ўвесь тэкст; 2) пры неабходнасцi праводзiцца тлумачальная i папераджальная работа: тлумачэнне некаторых складаных слоў, некаторыя з iх запiсваюцца на дошцы; 3) напiсанне тэксту па сказах (настаўнiк чытае сказ поўнасцю, вучнi слухаюць; сказ чытаецца па частках, вучнi яго запiсваюць; пасля запiсання ўсяго сказа настаўнiк чытае яго яшчэ раз, вучнi правяраюць); 4) настаўнiк поўнасцю чытае тэкст, робiць больш працяглыя паўзы памiж сказамi, каб вучнi праверылi напiсанне; 5) вучнi самастойна правяраюць тэкст.
Пазакласная праца па беларускай мове – мэтанакiраваныя пазнавальныя заняткi з вучнямi, якiя выходзяць за межы ўрока, з мэтай паглыблення ведаў, уменняў, замацавання навыкаў, развiцця здольнасцяў i актыўнасцi вучняў,
Паказчыкi засваення граматычнага паняцця: 1) уменне адрознiць данную катэгорыю ад падобнай; 2) уменне падвесцi пад агульнае правiла асобныя выпадкi (прывесцi прыклады); 3) уменне карыстацца граматычнымi ведамi ў самастойных творчых працах.
Паняцце – лагiчна аформленая думка аб прадмеце, з’яве, у якой указаны iстотныя яе прыметы.
Папераджальны дыктант – вiд слыхавога дыктанта, якi прадугледжвае тлумачэнне арфаграмы да запiсу слова, сказа, тэксту.
Патрабаваннi да правядзення граматычнага разбору ў пачатковых класах: 1) граматычны разбор павiнен ажыццяўляцца ў строгай пэўнай паслядоўнасцi; 2) разбор павiнен суправаджацца разважаннямi i доказамi (усвядомленасць аналiзу); 3) аналiз павiнен спалучацца з сiнтэзам, з актыўнай творчай працай вучняў; 4) аналiз павiнен выражацца ў правiльным маўленнi, у свабодным i правiльным выкарыстаннi тэрмiнаў; 5) разбор павiнен праводзiцца на дакладна адабраным моўным матэрыяле.
Пiльнасць арфаграфiчная – уменне хутка знаходзiць у тэксце арфаграмы i вызначаць iх тып.
Практыкаваннi, якiя садзейнiчаюць фармiраванню арфаграфiчнай пiльнасцi: правядзенне дыктовак (выбарачны, папераджальны i iнш.); каменцiраванае пiсьмо; выкарыстанне сiгнальных картак; знаходжанне i падкрэслiванне зададзеных арфаграм; выбар з тэксту слоў на вывучаную арфаграму; знаходжанне слоў, якiя пiшуцца не так, як вымаўляюцца; выключэннi з пералiку слоў, якiя пiшуцца па iншых правiлах; вызначэнне, якое правiла трэба ведаць, каб не зрабiць памылку; выпраўленне тэкстаў з памылкамi.
Правiла – гэта сродак для выпрацоўкi свядомага пiсьма, кiраўнiцтва да дзеяння.
Практыкаваннi – паўторнае (шматразовае) выкананне разумовага цi практычнага дзеяння з мэтай авалодання iм цi павышэння яго якасцi.
Па ступенi самастойнасцi вучняў выдзяляюць практыкаваннi: 1) узнаўляльныя (практыкаванi па ўзнаўленнi вядомага з мэтай замацавання); 2) трэнiровачныя (практыкаванi па выкарыстаннi ведаў у новых умовах); 3) каменцiраваныя (практыкаваннi з каментарыем наступных аперацый – для знаходжання тыповых памылак, карэкцiроўкi дзеянняў вучняў; каментарый дае вучань).
Патрабаваннi да практыкаванняў: 1) свядомы падыход вучняў да практыкаванняў; 2) захаванне дыдактычнай паслядоўнасцi ў выкананнi практыкаванняў ад завучвання i запамiнання вучэбнага матэрыялу праз узнаўленне i выкарыстанне раней засвоенага да самастойнага пераносу вывучанага ў нестандартныя сiтуацыi, г. зн. да яго творчага выкарыстання ў практычнай дзейнасцi.
Пунктуацыйныя ўменнi – гэта iнтэлектуальна-мыслiцельнае дзеянне, якое заключаецца ў пастаноўцы цi непастаноўцы знакаў прыпынку ў камунiкатыўных адзiнках – сказе i тэксце.
Самадыктант, або пiсьмо па памяцi, – вучань запамiнае тэкст, успрыняты зрокава або на слых, а затым пiша яго самастойна.
Слоўнікавыя словы – гэта словы, напісанне якіх не падпарадкоўваецца агульнапрынятым арфаграфічным правілам.
Спiсванне – гэта адзiн з вiдаў пiсьмовых практыкаванняў, якi заключаецца ва ўзнаўленнi графiчнага тэксту; перадача ў пiсьмовай форме зрокава ўспрымаемага (у момант запiсу) слова, сказа, тэксту. У пачатковых класах павiнна быць сфармiравана ўменне спiсваць у адпаведнасцi з правiламi арфаграфii i калiграфii.
У практыцы навучання беларускай мове спiсванне часцей за ўсё спалучаецца з выкананнем заданняў граматычнага, лексiчнага або словаўтваральнага характару.
Ступенi ў арфаграфiчным дзеяннi: 1) пастаноўка арфаграфiчнай задачы (выдзяленне арфаграмы i вызначэнне яе тыпу); 2) рашэнне арфаграфiчнай задачы (выбар пiсьмовага знака ў адпаведнасцi з правiлам).
Тлумачальны дыктант – вiд дыктанта, якi прадугледжвае запiс тэксту пад дыктоўку з наступным тлумачэннем арфаграм. Тлумачальны дыктант дазваляе выявiць, наколькi трывала вучнi засвоiлi тэарэтычны матэрыял, у якой ступенi ў iх сфармiраваны неабходныя ўменнi. Вучнi запiсваюць тэкст пад дыктоўку настаўнiка без папярэдняга разбору арфаграм або пунктаграм, пасля аналiзуюць напiсанне i, калi дапушчаны памылкi, выпраўляюць iх (спачатку запiс, потым тплумачэнне).
Умовы пасяпяховага фармiравання арфаграфiчнага навыку: 1) развiццё маўленчага (фанематычнага) слыху; 2) развiццё арфаграфiчнай пiльнасцi; 3) разуменне моўных значэнняў слоў, словазлучэнняў, сказаў, значэння асобных марфем, а таксама граматычнага значэння слоў, словаформаў i марфем; 4) авалоданне простымi ўменнямi i навыкамi, на якiх заснаваны арфаграфiчны навык; 5) уменнi выбраць спосаб выканання арфаграфiчнага дзеяння i скласцi алгарытм яго выканання; 6) выкананне дастатковай колькасцi практычных практыкаванняў; 7) сiстэматычная праца над памылкамi.
Умовы, якiя забяспечваюць засваенне паняццяў: 1) актыўная разумовая дзейнасць (сiтуацыя пошуку, праблемныя сiтуацыi, матывацыя дзейнасцi, самастойная дзейнасць вучняў); 2) праца над развiццём лiнгвiстычных адносiн да слова i сказа (гука-лiтарны, марфемны, марфалагiчны аналiзы); 3) асэнсаванне iстотных i неiстотных прымет паняцця (параўнанне iстотных i неiстотных прымет); 4) уключэнне новага паняцця ў сiстэму раней вывучаных; 5) раскрыццё сутнасцi сувязi моўных катэгорый у працэсе вывучэння новай катэгорыi; 6) нагляднае вывучэнне паняцця (таблiцы, схемы, канкрэтныя прадметы, памяткi i апоры).
Фанетычныя практыкаванi фармiруюць шэраг фанетычных уменняў: адрозненне гукаў у словах; выяўленне сэнсаваадрознiвальнай ролi гукаў; падзел слова на склады; пастаноўка нацiску ў словах; групоўка слоў з пэўнымi гукамi; вызначэнне гукавога складу слова.
Фанетыка-графiчныя практыкаваннi служаць для навучання малодшых школьнiкаў адрозненню гукаў i лiтар.
Этапы працы над моўным паняццем: 1. Аналiз моўнага матэрыялу з мэтай выдзялення iстотных прымет паняцця (на гэтым этапе ажыццяўляецца абстрагаванне ад лексiчнага значэння канкрэтных слоў i сказаў i выдзяленне таго, што з’яўляецца тыповым для данай моўнай з’явы,
моўнай катэгорыi). 2. Абагульненне прымет i ўстанаўленне сувязяў памiж прыметамi паняцця (устанаўленне ўнутрыпаняцiйных сувязяў), увядзенне тэрмiна (на аснове параўнання i сiстэзавання). 3. Усведамленне фармулёўкi паняццця, удакладненне сутнасцi прымет i сувязяў памiж iмi. 4. Канкрэтызацыя засваення граматычнага паняцця на новым моўным матэрыяле. Практыкаваннi на выкарыстанне ведаў на практыцы. Устанаўленне сувязяў вывучаемага паняцця з раней засвоенымi.